Пасля «консульскага» ўказа Аляксандра Лукашэнкі, які забараніў выдаваць новыя дакументы беларусам за мяжой, праблема з заменай пашпартоў закранула вялікую колькасць людзей. Аднак некаторыя сутыкнуліся з гэтым яшчэ раней. Уладзіслаў (імя змененае з меркаванняў бяспекі) жыве ў Грузіі з 2022 года. Ягоны пашпарт пратэрмінаваны, у прытулку яму адмовілі, а атрымаць гуманітарную візу іншай краіны без дзейнага дакумента практычна немагчыма. «Люстэрка» расказвае гісторыю беларуса, які аказаўся ў бюракратычнай пастцы. Мы таксама звярнуліся ў Офіс Святланы Ціханоўскай па тлумачэнні, ці можна вырашыць такую праблему.
«Вы не адпавядаеце патрабаванням да міжнароднай абароны»
Уладзіслаў быў назіральнікам на выбарах 2020 года, потым удзельнічаў у пратэстах. Тады яго не затрымалі, але сілавікі прыйшлі пазней. Узімку 2021 года ў кватэры мужчыны прайшоў ператрус.
— У мяне забралі тэхніку — камп’ютар і тэлефон. Потым адвезлі ў ГУБАЗіК і дапыталі, але нечакана адпусцілі. Нейкі час думаў, што мне, відаць, забаронены выезд. Але калі ў лютым 2022-га пачалася вайна ў Украіне, вырашыў паспрабаваць і, на здзіўленне, выехаў з краіны, — расказвае суразмоўца.
Уладзіслаў асталяваўся ў Грузіі, працягнуў працаваць у IT-сферы. Яго беларускі пашпарт заканчваўся ў 2023 годзе. Мужчына для яго замены звярнуўся ў амбасаду. Кажа, што гэта было яшчэ да таго, як Лукашэнка падпісаў указ, які забараніў атрымліваць дакументы за мяжой.
— Мне адмовілі з фармулёўкай, што Следчы камітэт наклаў забарону на выезд, таму памяняць пашпарт не могуць, — сцвярджае мужчына. — Пазней, калі праз мяне з ператрусам прыйшлі ўжо да бацькоў, ім паведамілі, што супраць мяне заведзеная крымінальная справа паводле «народнага» 342-га артыкула (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. — Заўв. рэд.).
Застаўшыся без пашпарта, Уладзіслаў у Грузіі звярнуўся па міжнародную абарону. На час разгляду пытання чалавек мае легальны статус, ён таксама атрымлівае пасведчанне асобы, якое раз на год трэба падаўжаць у дэпартаменце міграцыі.
— Гэты дакумент дзейнічае толькі на тэрыторыі Грузіі. Па сутнасці, гэта адзінае пасведчанне асобы, бо пратэрмінаваны пашпарт дэпартамент забірае і не аддае, пакуль не атрымаеш абарону ці не адмовішся ад гэтай працэдуры, — тлумачыць беларус. — З картай можна адкрыць рахунак у банку, аформіць страхоўку, хоць не ўсе ўстановы ведаюць, што гэта такое, і часам даводзіцца тлумачыць.
Працэс разгляду заяўкі на прытулак расцягнуўся на тры гады, у выніку Уладзіслаў атрымаў адмову ад дэпартамента міграцыі.
— Фармулёўка стандартная: вы не адпавядаеце патрабаванням да міжнароднай абароны. Грузія цяпер практычна нікому з беларусаў яе не ўхваляе. Я абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе першай інстанцыі. Слуханне прайшло, мне вусна агучылі адмову, але афіцыйнае рашэнне на паперы не могуць выдаць ужо восем месяцаў, — расказвае Уладзіслаў.
«Вярнуцца дадому — значыць сесці ў турму»
Сітуацыя Уладзіслава цяпер завісла ў няпэўнасці. Пакуль рашэнне суда не ўступіла ў сілу, дэпартаваць яго не могуць. Але як толькі ён атрымае афіцыйную паперу, будзе ўсяго два тыдні на падачу апеляцыі. Калі прайграе і яе — узнікне рэальная пагроза.
— Мне трэба будзе пакінуць Грузію цягам 30 дзён, інакш — прымусовая высылка. Легальна пераехаць у іншую краіну я не магу: нікуды не заедзеш без пашпарта. Вярнуцца дадому — значыць сесці ў турму, — адзначае беларус.
Уладзіслаў спрабаваў знайсці варыянты пераезду ў Еўропу і нават дабіўся сустрэчы з польскім консулам у Тбілісі. Яму адказалі, што тэарэтычна выдача візы ў праязны дакумент замежніка магчымая, але для гэтага патрэбныя рэкамендацыі ад прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл.
— На жаль, сітуацыя ў Грузіі для людзей з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі і палітычным пераследам на радзіме сапраўды складаная, — прызнае дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў. — Грузінскі дакумент часта вырашае пытанне знаходжання ўнутры краіны, але звычайна не замяняе праязнога дакумента для перасячэння мяжы. Таму чалавек можа жыць легальна, але фактычна «захрасае» без магчымасці нармальна выехаць. Важна таксама разумець, што калі ў сям'і ў аднаго чалавека скончыўся пашпарт, праблема часта становіцца агульнай для ўсіх.
Марозаў сцвярджае, што Офіс займаецца такімі выпадкамі і імкнецца людзям дапамагчы. Працуе і з тымі, хто ўжо прайшоў юрыдычныя працэдуры, уключаючы адмову ў міжнароднай абароне, каб знайсці рэальныя і бяспечныя варыянты далейшых крокаў.
— Агульнай «дамоўленасці з ЕС» наконт прыёму беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, на жаль, няма, — канстатуе Марозаў. — Пры гэтым часам магчымыя індывідуальныя рашэнні, але яны залежаць ад краіны і канкрэтных абставінаў. Са свайго боку мы ўжо сабралі і верыфікавалі некалькі кейсаў і перадалі польскаму боку. Перамовы праведзеныя, і цяпер польскія кампетэнтныя органы прапрацоўваюць, як юрыдычна карэктна вырашыць пытанне з дакументамі і ўездам. Мы не абяцаем хуткіх універсальных рашэнняў, але робім максімум па тых кейсах, дзе ёсць падставы і пацверджаная гісторыя пераследу.
Маштаб праблемы
Ацаніць дакладную колькасць беларусаў, якія трапілі ў такую пастку ў Грузіі, вельмі складана. Леанід Марозаў падкрэслівае, што частка людзей застаецца «нябачнай» для афіцыйных працэдур, яны не звяртаюцца па дапамогу, баючыся рызыкі.
— Варыянтаў, што параіць у такой сітуацыі, на жаль, няшмат. Галоўнае — лепш не даводзіць да нелегальнага становішча, бо гэта павышае рызыку і звужае варыянты. Калі чалавек яшчэ ў легальным тэрміне знаходжання — важна загадзя шукаць прававыя шляхі, напрыклад, праз кансультацыю ў мясцовага юрыста. Калі ўжо ёсць праблемы з дакументамі, то любыя крокі трэба планаваць асабліва асцярожна, каб не пагоршыць сітуацыю. Мы разумеем, наколькі гэта балючая праблема, і працягваем працаваць з партнёрамі над практычнымі рашэннямі для найбольш уразлівых людзей.
Беларускі праваабаронца ў Грузіі Раман Кісляк аперуе больш канкрэтнымі лічбамі.
— Мне вядома, што цяпер каля 70 чалавек з пратэрмінаванымі дакументамі звярнуліся па міжнародную абарону ў Грузіі, — адзначае праваабаронца. — Усяго з 2019 года просьбы пра абарону скіравалі 88 чалавек. Чацвёра з іх ужо з’ехалі ў Польшчу і Літву. Яшчэ трое вярнуліся ў Беларусь.
Кісляк дадае, што рэальная колькасць людзей без дакументаў можа быць значна вышэйшай.
— Тэматычны чат беларусаў у Грузіі, якія сутыкнуліся з такой праблемай, налічвае 334 удзельнікі. Але, думаю, шмат хто з беларусаў Грузіі не ведае пра яго існаванне, — рэзюмуе праваабаронца.
Чытайце таксама






