Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
  1. У «Беларуснафце» заявілі, што бензін у нас таннейшы, чым у Польшчы. Палічылі, хто на заробак можа купіць яго больш — беларус ці паляк
  2. «Трэба выжыць». Беларускі шоумен, які трапіў у адукацыйны скандал у ААЭ, звярнуўся да падпісчыкаў
  3. П'яны маёр юстыцыі спрабаваў на хаду выпхнуць з аўтамабіля супрацоўніка ДАІ. Інспектар яму дараваў, а што вырашыў суд?
  4. Лукашэнка прывёў на «Алімпік-арэну» свайго шпіца. Гэта забаронена законам, які ён сам і падпісаў
  5. ЗША могуць прапанаваць Мінску нафтавую ўгоду ў абмен на перазапуск адносін — СМІ
  6. В Минске «взбесились» цены на аренду жилья. Попытались найти однушку не дороже 260 долларов — вот что из этого вышло
  7. Чыноўнікі збіраюцца ўвесці змяненні для жыровак
  8. Протасевич заявил, что спецслужбы якобы взломали бот расследователей, вскрывающих бизнес «кошельков» Лукашенко. Журналисты опровергают
  9. 21-гадовы ўнук Лукашэнкі пабудуе цэх за дзяржкрэдыт на льготных умовах
  10. Ва Украіне змянілася стаўленне да беларусаў. Сацыёлагі выявілі нечаканы трэнд
  11. Яшчэ тры гады таму ўлады вызначыліся з тым, каго будуць «браніраваць» ад мабілізацыі ў ваенны час. Дакумент пра гэта трапіў да BELPOL
  12. YouTube выдаліў каналы дзяржСМІ — тыя прыгразілі «экстрэмізмам»
  13. Навошта Лукашэнка палохае вайскоўцаў і кажа пра «гадасці» ў войску? Спыталі ў аналітыка
  14. «Гэта тое, што ўжо ўплывае на статыстыку цэн па рэальных угодах». Стала вядома, колькі кватэр у Мінску купілі расіяне
  15. «Белая Русь» опубликовала в TikTok слова Чемодановой о «Беларуси будущего» — но не закрыла комментарии. Пользователи жестко ответили
Читать по-русски


/

Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава 10 лютага правяла сустрэчу з беларускімі журналістамі ў Берліне. Экс-кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі адказала на пытанні пра вайну ва Украіне, ці лічыць Аляксандра Лукашэнку дыктатарам і ваенным злачынцам, чаму перакананая, што ён гатовы сесці за стол перамоваў з Еўрасаюзам, і ці гатовая «дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу».

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

«Не вяртанне ў 2019 год»

— Марыя, вы кажаце пра неабходнасць дыялогу Еўрасаюза з Аляксандрам Лукашэнкам, але калі размаўляеш з кімсьці, трэба разумець матывацыю. Як вы бачыце матывацыю палітыка? Чаго ён хоча?

— Думаю, вельмі важна зразумець, чаго ён не хоча — ён не хоча быць часткай Расіі. Ён не хоча быць часткай Расіі, інакш ён бы даўно быў ёю. Мы разумеем, што эканамічна вельмі залежныя, але ўсё адно пакуль ён вядзе палітыку так: абдымаецца ўмоўна з Трампам, а потым прадае свае трактары Расіі. Ён не хоча быць часткай Расіі, не хоча цалкам залежаць ад Пуціна. Гэта пункт, ад якой адштурхваецца Амерыка ў сваіх перамовах, і пункт, ад якой можа адштурхоўвацца ЕС у сваіх перамовах. Бо тут цікавасць ЕС таксама палягае ў тым, каб Беларусь не была часткай Расіі. І ў такіх менавіта момантах, у такіх пунктах і ўзнікаюць магчымасці для дыпламатычных ініцыятыў ці адносін.

— На прыкладзе цытаты Рыгора Азаронка можна зрабіць выснову, што рэжым не хоча нармальнасці, пра якую вы ўвесь час кажаце. Яны лічаць, што тое, што цяпер — гэта нармальна. Ці верыце вы, што магчымая яшчэ адна адліга за часамі Лукашэнкі?

— Давайце канкрэтызуем. Я разумею, што вяртанне да нармальнасці балюча чапляе людзей. Я б хацела канкрэтызаваць: не вяртанне хутчэй, а дарога да нармальнасці, жаданне прыйсці да яе. То-бок не вяртанне ў 2019 год, мне важна гэта артыкуляваць, бо некаторыя рэчы няправільна зразумелі. Беларусь, якая нам усім важная і да якой мы хочам прыйсці, — гэта для мяне і ёсць нармальнасць, мы павінныя да яе рухацца. Я магу доўга варажыць на кававай гушчы, магчыма гэта з Лукашэнкам ці не, і ніхто з нас не будзе ведаць слушнага адказу. Але я ведаю, што вызваленне людзей, спыненне рэпрэсій і зняцце ізаляцыі — тыя крокі, якія дакладна дапамогуць рухацца ў гэтым кірунку. Без гэтых крокаў наогул немагчыма нешта ўявіць. Рашэнне заўсёды нейкае ёсць, я ўпэўненая, што з такіх бязвыхадных сітуацый, а яна цяпер падобная да патавай, заўсёды ёсць выйсце.

— Вы бачыце сітуацыю, калі зможаце прызнаць, што цана кампрамісу з рэжымам была вышэйшая за цану ізаляцыі?

— Мая чалавечая пазіцыя — чалавечае жыццё бясцэннае. Няма нічога даражэйшага. Мяне ўсе крытыкуюць, што я яму [Лукашэнку] падзякавала. Ды я хоць чорту лысаму буду дзякаваць толькі за тое, што будуць выходзіць людзі, за кожнага я буду яму ці каму заўгодна дзякаваць, мне наогул усё адно. Я як ніхто ведаю, як там [у калоніі] цяпер цяжка. Што заўгодна, каб людзі былі вольныя і каб перасталі саджаць людзей.

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

— Вы ж ведаеце, што адных адпусцілі, а іншых за апошнія месяцы пасадзілі. Да якога моманту можа ісці дыялог?

— Дык вось, каб зразумець, дзе яго [Лукашэнкі] пункт, каб ён перастаў саджаць людзей, дзе гэты момант знаходзіцца, у яго трэба спытаць. Трэба разумець, дзе гэтая цана. Калі выпусцяць Эдзіка Бабарыку? Калі выпусцяць яшчэ пяць чалавек з нашай каманды? Каб зразумець, магчымы кампраміс ці не, трэба спытаць. Пакуль мы ўсе як сляпыя кацяняты. Адзіныя, хто ведае, — гэта амерыканская дэлегацыя, раз яны пра гэта гавораць.

— Лукашэнку можна спытаць, але ён можа схлусіць.

— Хай схлусіць. Але нам хаця б трэба разумець, у якім кірунку мусіць ісці дыялог. Бо што для яго было важна, што я бачыла сама ў навінах увесь гэты час у турме? Вельмі важна, што ён атрымаў запінкі (гаворка пра запінкі, якія Лукашэнку перадаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. — Заўв. рэд.), што Дональд [у лісце] падпісаўся «Дональд». Гэта проста 24/7 яны паказвалі, я сама бачыла, я ўжо вывучыла подпіс Дональда, бо яго па тэлевізары паказвалі пастаянна. Вось гэтыя рэчы для яго важныя. Мы сабе не можам гэта ўявіць, але, магчыма, для яго вось гэтае прызнанне важнейшае за ўсё астатняе. Але пра гэта трэба даведацца.

«Крым адназначна ўкраінскі і кропка»

— Лукашэнка — дыктатар?

— Так.

— Лукашэнка — ваенны злачынец?

— Як мне даць ацэнку? З пункту гледжання юрыдычнага? Я не магу. З чалавечага? Ён чалавек, які дапусціў уварванне расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Я не магу гэта апраўдваць, ён падвергнуў небяспецы ўсіх беларусаў. Ваенны ён злачынец ці не, я юрыдычна не магу гэта растлумачыць, я не валодаю тэрміналогіяй. Але ён усіх нас і нашую краіну падвергнуў небяспецы. У нас цяпер на тэрыторыі краіны знаходзіцца ядзерная зброя, яе раней не было, мы ўсе ў небяспецы. Любы чалавек мусіць несці адказнасць за свае ўчынкі. Ён нясе адказнасць і за 2020 год, і за вайну.

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

— Пуцін — ваенны злачынец?

— Дзіўна, чаму я мушу даваць ацэнку гэтым людзям, калі і так усё зразумела. А калі б вы спыталі ў мяне: Марыя, чый Крым?

— Марыя, чый Крым?

— А я вам скажу: паглядзіце ў мой Facebook 2014 года.

— І што мы там пабачым?

— Вы ўбачыце адказ на гэтае пытанне.

— Калі ён ёсць у Facebook, відаць, яго можна паўтарыць публічна і цяпер.

— Абсалютна. Крым адназначна ўкраінскі, і кропка. Для мяне гэта заўсёды было дзіўнае пытанне, бо я яшчэ 12 гадоў таму на яго адказала для сябе і яго адставіла. У мяне з гэтым праблем няма.

— Мы пытаем, таму што наша аўдыторыя хоча ведаць менавіта вашае меркаванне пра Лукашэнку і Пуціна, бо меркаванне іншыя беларускіх палітыкаў выразна артыкуляванае.

— Добра, я зразумела. Мне проста цікава, ці можа быць іншае меркаванне, калі мы ўсе ведаем, што Пуцін напаў на Украіну, што бамбілі Кіеў, я сама гэта бачыла ў навінах у турме. Пуцін пачаў вайну, ён забівае і сваіх людзей, і чужых людзей. Прычым абсалютна цынічна, гэта недапушчальна. Цяпер стала магчымая вайна, таму што стаў магчымы і Крым. <…> У першыя дні расійскія вайскоўцы заходзілі з боку Беларусі. Трэба было рабіць што заўгодна, каб гэтага ўнікнуць. Бо ад гэтага пакутуе ў тым ліку і беларускі народ — за гэта былі ўведзеныя санкцыі. І цяпер гэта ўсё працягваецца, ёсць «справа Гаюна». Улады зрабілі гэтыя рэчы магчымымі, і апраўдання гэтаму ніякага няма, вядома ж. Беларусь можа страціць суверэнітэт. Гэта ўсё вынік папушчальніцтва і дазволу Пуціну дзейнічаць на нашай тэрыторыі такім чынам.

«Мы трымаемся адно аднаго»

— Марыя, можна вас, Віктара Бабарыку, Івана Краўцова, Антона Раднянкова назваць камандай? Даўно курсуе тэрмін «бабарыкінцы». Можна вас так назваць?

— Мне цяпер складана адказаць на гэтае пытанне. Замала часу прайшло, каб на гэтае пытанне адказаць. Цяпер кожны з нас спрабуе адаптавацца ў новым жыцці, у нас ёсць агульныя мэты і агульнае бачанне. Вядома, мы маем зносіны, у нас ёсць сумесныя сустрэчы, ідэі і праекты. Тое, што мы трымаемся адно аднаго, — гэта праўда.

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

— Ці можаце вы назваць Краўцова і Раднянкова сваімі дарадцамі?

— Я магу ўсіх назваць сваімі калегамі. У нас і была гарызантальная іерархія, яна і застаецца, у нас увасобленая дэмакратыя. Мы ўсе самастойныя адзінкі, але ў нас ёсць адна мэта, адно бачанне, якой мы хочам бачыць Беларусь і як да яе прыйсці.

— А да якой Беларусі вы ўсе хочаце прыйсці?

— Свабоднай, дэмакратычнай, адкрытай, сучаснай, IT-развітай тэхналагічнай краіны. Натуральна, з еўрапейскімі каштоўнасцямі, у якіх галоўны — чалавек, у якой чалавек — самая галоўная каштоўнасць дзяржавы. Бо чалавек важнейшы за ўладу, важнейшы за дзяржаву.

— Вам скажуць, што да 9 жніўня 2020 года Беларусь збольшага і была такой, пра якую вы кажаце: адкрытая, айцішная, шэнгенскія візы за 35 еўра, межы не закрытыя. Але пры гэтым усім у ёй быў Лукашэнка.

— Колькі чалавек з нас ведала, у якім стане знаходзіцца пенітэнцыярная сістэма? У 2020 годзе мы прайшлі праз такое пекла, дзясяткі тысяч людзей, а з сем’ямі — мільёны, прайшлі праз гэты досвед турмы. А яна ж была такой і 30 гадоў таму, і 20 гадоў таму, нічога не змянілася. Камеры ШІЗА былі такімі ж і 50 гадоў таму. Гэтая дзікасць была ў нашым грамадстве, і пра гэта не казалі.

Артыкул 174 Крымінальнага кодэкса (Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забяспечанні. — Заўв. рэд.), становішча жанчын у грамадстве і ўсе гэтыя законы — мы гэта ўсё як бы дапускалі, рабілі выгляд, што гэтага няма ці проста не ведалі. І цяпер пытанне да нас: значыць, мы не патрабавалі ад дзяржавы вырашэння гэтых праблем, мы не патрабавалі звярнуць яе ўвагу на гэтыя рэчы.

Пра артыкул 174 я даведалася толькі ў [СІЗА] Жодзіна. Ёсць грамадства, у якім існуюць такія артыкулы і такія пакаранні, — ну, значыць, мы гэта дапускалі. Цяпер мне сорамна, што я пра гэта не ведала, бо закон існаваў з 2011 года. Закон пра хатні гвалт — таксама праблема. Вось гэтыя ўсе рэчы былі побач з намі, і мы іх не заўважалі. Як доўга мы былі абыякавыя да таго, што нас атачае. Мы думалі, нас гэта не датычыць. Ну, падумаеш, пасадзілі бізнесоўцаў, яны заплацілі — выйшлі. Важна зрабіць так, каб у Беларусі будучыні гэтага не было, каб яна была сапраўды еўрапейскай, дэмакратычнай краінай.

<…> Але дэмакратыя — гэта не гатовая таблетка, якую можна купіць. Няма такога рэцэпту, што ты прыходзіш у аптэку, і табе даюць таблетку для дэмакратыі або ад аўтарытарызму. Гэта працэс, у які ўключаныя ўсе слаі грамадства, усе кам’юніці, калі яны свядома да гэтага рухаюцца. Гэта нашая салідарнасць адно з адным, адмена нянавісці, агрэсіі і гвалту нават не фізічнага, а ў камунікацыі, што цяпер прысутнічае. Калі вы мяне спытаеце, што мяне здзівіла больш за ўсё за гэтыя пяць гадоў, дык гэта тое, што раней немагчыма было сабе ўявіць, што людзі з такім узроўнем агрэсіі і нянавісці маюць зносіны адзін з адным. Гэтая палярызаванасць — праблема. Як яе вырашыць? Усё ў нашых руках. Мы альбо хочам адно з адным мець зносіны, нягледзячы на розныя меркаванні, і тады ў нас дэмакратыя, альбо мы не маем зносін.

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

— А вы разумееце, чаму людзі сталі такімі злоснымі і агрэсіўнымі?

— Вядома, разумею. Бо не дабіліся таго, чаго хацелі, бо да іх ужываўся гвалт, бо вельмі цяжкае жыццё эмігранта. Я магу пра гэта шмат расказаць. Я прыехала ў Германію ў 2007 годзе, калі таксама былі санкцыі, калі таксама было складана атрымаць візу, складана атрымаць стыпендыю, я праз гэта ўсё праходзіла. І першыя паўгода я працавала ў булачнай, бо мне трэба было зарабляць на сябе грошы. І гэта самы класны час, бо тады ты разумееш, наколькі складаны твой рух да мары, разумееш, што такое грошы, як усё ўладкаванае.

— Мне здаецца, вы ўвесь час абыходзіце слана ў пакоі — вайну ва Украіне. Не лічыце, што яна зрабіла людзей нават не злоснымі, а менш памяркоўнымі?

— Не толькі вайна, усё разам. Прыняцце паразы 2020 года таксама, для мяне гэта больш балючая тэма, бо я з 2020 года знаходзілася ў турме. Хоць у Гомелі [у калоніі] мы таксама бачылі знішчальнікі, якія ўвесь люты [2022 года] і сакавік лёталі, і было зразумела, што ўсё не так ужо і цудоўна. Вайна — гэта страшная рэч, яна закранула нашыя сем'і. Хто ў гэтым вінаваты? Той, хто прымаў рашэнне ў нашай краіне — вінаваты Лукашэнка. У тым, што сітуацыя такая, якая яна ёсць.

«Магу быць палітыкам»

— Правядзенне сумленных выбараў, то-бок змена рэжыму, было галоўным сярод патрабаванняў пратэстоўцаў у 2020 годзе. Якім сёння вы бачыце галоўнае патрабаванне беларусаў да Лукашэнкі?

— Выпусціць людзей, спыніць рэпрэсіі. Без гэтага немагчыма наогул нічога. Пакуль мы баімся за ўласнае жыццё, цяжка патрабаваць ад людзей нейкіх пераўтварэнняў. У турме гэта добра відаць. Там усіх адно супраць аднаго настройваюць, і адразу людзьмі можна кіраваць. Пакуль чалавек думае, што яму з’есці і надзець, у яго няма часу падумаць пра свабоду і будучыню сваіх дзяцей, ён проста думае пра тое, як іх накарміць. За апошнія пяць гадоў да гэтага дадаўся яшчэ і страх.

— Гісторыя прызначыла вас лідаркай пратэстаў, некаторыя беларусы — таксама. Кім вы былі ў 2020 годзе? У інтэрв'ю Юрыю Дудзю вы сказалі, што цяпер бачыце сябе «палітычным актывістам, а не палітыкам, які імкнецца да ўлады». У чым для вас розніца паміж палітыкам і палітычным актывістам?

— Я лічу сябе Машай Калеснікавай, бо для сябе я мала змянілася. Што самае цікавае, мае сябры, якія мяне ведаюць 20−25 гадоў, кажуць, што я не змянілася за гэты час. Мне гэта важна — заставацца сабой, а не наляпляць на сябе нейкія назвы. Я — чалавек мастацтва, цяпер знаходжуся ў такой пазіцыі, дзе мая палітычная актыўнасць можа дапамагчы Беларусі, і я вядома буду гэта выкарыстоўваць. Я лічу, што перада мной адкрыты цяпер увесь свет, я магу займацца тым, чым хачу, у гэтым мая вялікая свабода.

Я лічу сябе палітычным актывістам, але нехта лічыць мяне палітыкам, мне абсалютна ўсё адно, як гэта гучыць. Але калі гэта дапамагае нам абмяркоўваць і вырашаць нейкія пытанні разам і калі гэта дапаможа нам усім аб’яднацца — значыць, я магу быць палітыкам. Для мяне гэтая дыферэнцыяцыя не так важная, як чамусьці для ўсіх астатніх. Я для сябе цэльная асоба, мне важна, як я сама сябе адчуваю.

У 2020 годзе я на ўсёй гэтай хвалі стала лідарам у нейкай ступені, хоць, магчыма, не была да гэтага гатовая. Я лічу, што лідарства важнае не тады, калі мы ўсе на адной хвалі, нам усім класна, мы гуляем, нас 500 тысяч, мы адчуваем сябе ў бяспецы, бо нас шмат. Мне здаецца, маё жаданне 7 верасня 2020 года не пакідаць краіну, маё жаданне застацца з беларусамі — вось гэта для мяне нашмат важнейшае, чым прызнанне ці непрызнанне сябе палітыкам. Таму што гэта маё жаданне і маё чалавечае стаўленне да людзей — вось гэта я і ёсць. Як гэта назваць — не мае ніякага значэння.

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

— Не будучы прафесійным палітыкам і не ведаючы, наколькі жорсткі Лукашэнка, ці не прынялі вы рашэнне застацца ў Беларусі, думаючы, што рэпрэсіі скончацца ў найбліжэйшыя месяцы?

— Я ведала, наколькі жорсткі Лукашэнка, з 1995 года, я вельмі добра ведала і ведаю, хто такі Лукашэнка, У мяне ніякіх ілюзій ніколі не было і няма.

— То-бок вы не разлічвалі, што людзі, якія выйшлі на вуліцы, праз месяц-два пасля вашага арышту перамогуць?

— Я яшчэ раз падкрэслю, на што мы разлічвалі і чаму гэтага не здарылася. Таму што эліты, да якіх мы звярталіся, і чыноўнікі не падтрымалі народ, яны здрадзілі народу. Чыноўнікі ў нармальнай дзяржаве прадстаўляюць інтарэсы народа. У гэтым выпадку, думаю, яны банальна вельмі моцна спалохаліся. Але я не думаю, што цяпер яны жывуць добра, думаю, ім яшчэ складаней цяпер, яны баяцца больш, чым хто б там ні было. Яны дакладна ведаюць, з кім маюць дачыненне.

— Вы казалі ў інтэрв'ю Юрыю Дудзю, што Лукашэнка можа пайсці на дыялог з ЕС «дзеля будучыні, будучыні краіны, дзяцей, магчыма, з пункту гледжання праявы нейкай мудрасці». Беларусы вам у той жа дзень адказалі ў сацсетках, што Лукашэнка і праўда думае пра будучыню дзяцей, але толькі сваіх. Гадамі яму не было справы да будучыні, да нечых дзяцей, акрамя сваіх, ён не выглядаў мудрым чалавекам. Чаму ён раптам зменіцца?

— Не думаю, што ён зменіцца. Думаю, у нейкіх абставінах ён можа прымаць рашэнні, да якіх яго, магчыма, змусяць, магчыма, у яго будзе ў гэтым нейкі інтарэс, які ў тым ліку важны і для нас. Яшчэ раз паўтаруся, гэта палітвязні, спыненне рэпрэсій, зняцце ізаляцыі. Па гэтых пытаннях, як бы мы ні хацелі, рашэнні ўсё роўна прымае ён.

«Веру, што нашыя дэмсілы і грамадзянская супольнасць вернуцца да таго, каб перастаць ненавідзець і пачаць дапамагаць адно аднаму»

— У тым самым інтэрв'ю Юрый Дудзь у вас спытаў: «Ты ў інтэрв'ю Марыне Золатавай казала, што дапускала б гісторыю і, больш за тое, лічыш, што яна наогул была б рэальная, што Лукашэнка яшчэ ва ўладзе, а ты пры гэтым жывеш у Беларусі. Як ты гэта бачыш? І ты сказала, што на тваю думку для цяперашняй беларускай улады гэта была б класная піяр-акцыя, каб яны цябе вызвалілі не па-за Беларуссю, а пакінулі ў Беларусі і ты б там змагла жыць на волі». Ты Дудзю ў адказ сказала: «Так, я так лічу, і я гэта вельмі часта транслявала адміністрацыі калоніі. Было зразумела, што калі-небудзь мяне будуць выпускаць, і калі мне задавалі пытанне, ці гатовая я з’ехаць, я казала, што хачу застацца. Я гэта транслявала з 2020-га няспынна. І я тлумачыла чаму: некалі ўсё роўна гэты жах з рэпрэсіямі і гвалтам спыніцца, і вельмі важна, каб у краіне заставаліся людзі, якія гатовыя пачынаць выбудоўваць нейкія адносіны паміж лагерам, які ўмоўна цяпер нас ненавідзіць і лічыць ворагамі, і намі. Мне было важна паказаць, што я ім не вораг, я беларуска такая, як і яны таксама». Вы гатовыя жыць у той Беларусі, дзе ў Мікалая Карпянкова ёсць патрыятычныя клубы, адсутнічаюць незалежныя СМІ, НДА і іншае? А за факт размовы са мной, незалежным журналістам, вы наогул можаце зноў адправіцца ў калонію на 7 гадоў. І пры гэтым Лукашэнка, атрымліваецца, усё яшчэ ва ўладзе. Вы сапраўды гатовыя на гэта?

— Я хацела б застацца ў краіне. У мяне там тата, сябры, яны жывуць у гэтай рэальнасці пастаянна. Я, знаходзячыся побач з імі, магла б іх падтрымаць, магла б нейкім чынам знаходзіць магчымасці дапамагаць людзям. Але так выйшла, што я не змагла застацца ў краіне. Калі ў мяне будзе магчымасць вярнуцца, я б хацела вярнуцца. Калі б у мяне была магчымасць вярнуцца ў краіну ў турму, я не буду выглядаць вар’яткай і не скажу вам, што хачу вярнуцца ў турму. Я не хачу сядзець у турме і ніколі не хацела. Калі я рвала пашпарт, я не ішла ў турму, я вярталася да беларусаў і ў Беларусь. Мне часта задаюць гэтае пытанне ў такой фармулёўцы, але гэта памылка.

Мне і цяпер важная магчымасць быць са сваёй сям’ёй і сваім народам. Ніякага запрашэння ў Беларусь у мяне цяпер не будзе. Але для таго каб там не было выпаленай зямлі, там мусяць заставацца людзі, якія могуць паліваць гэтую зямлю, могуць ствараць нейкія культурныя, сацыяльныя праекты. І яны там ёсць, гэта адзінкі, але яны ёсць.

— То-бок вы былі б гатовыя паліваць гэтую зямлю пры Лукашэнку?

— Няма такой рэальнасці, дзе ён дазволіць мне вярнуцца ў краіну. Калі б я магла застацца, я б засталася і дапамагала людзям. Бо людзі важнейшыя за Лукашэнку. Ён сыдзе, а людзі застануцца, Беларусь застанецца, гэта важней, будучыня важная. А асабістае стаўленне да яго — няважнае.

Вы не паверыце, але ў мяне няма да яго ні нянавісці, ні злосці, ні агрэсіі. І ў гэтым мая перамога, бо калі ты ненавідзіш, цябе перамаглі. Мы ўсе мусім выразна гэта разумець, што калі цяпер мы дзейнічаем з пазіцыі нянавісці, гэта загадзя пройгрышная пазіцыя. Бо калі ты ненавідзіш — значыць, ты стаў як яны, бо яны нас усіх ненавідзяць, яны не хочуць, каб мы існавалі, яны ўвесь час пра гэта кажуць і будуць казаць. І ў гэтым нашае вялікае адрозненне. І я веру, што нашыя дэмсілы і грамадзянская супольнасць вернуцца да таго, каб перастаць ненавідзець і пачаць дапамагаць адно аднаму, шукаць нейкія пазітыўныя і эфектыўныя моманты для руху наперад да нармальнасці.

Мария Колесникова на встрече с журналистами беларусских медиа, Берлин, Германия, 10 февраля 2026 года. Фото: LookByMedia
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

— Тады дзеля чаго ўсё было ў 2020 годзе? Бо змены ў Беларусі наўпрост звязвалі з адсутнасцю Лукашэнкі ва ўладзе. Вы гатовыя перагарнуць старонку і жыць у краіне пры ім?

— Што значыць пры ім? Там знаходзіцца мой тата, мая сям’я, блізкія мне людзі, знаходзяцца беларусы. Ад таго, што я знаходжуся тут, Лукашэнка, відаць, адчувае сябе спакайней, але я адчуваю сябе не спакайней. Мне было б спакайней, калі б я знаходзілася побач з татам. Пытанне не ў Лукашэнку, пытанне ўва мне і ў тых людзях, якіх я люблю і падтрымліваю.

— Вы сказалі, што Беларусь можа стаць выпаленай зямлёй. Ці не здаецца вам, што за апошнія шэсць гадоў яна ў яе і ператварылася?

— Вельмі здаецца. Уяўляеце, калі тое, што адбываецца, працягнецца яшчэ пяць гадоў і будзе новая генерацыя моладзі, якая нічога не ведае пра 2020 год, не разумее, што такое грамадзянская супольнасць, якая з раніцы да вечара глядзіць прапаганду, абсалютна агідную. А я як ніхто з вас ведаю, што гэта такое, бо я апошнія пяць гадоў слухала гэтую прапаганду на «выхаваўчых мерапрыемствах» некалькі разоў на дзень (гаворка ідзе пра «выхаваўчыя мерапрыемствы» ў калоніях, падчас якіх зняволеныя павінныя калектыўна глядзець па тэлевізары навіны ці іншыя перадачы, вызначаныя адміністрацыяй. — Заўв. рэд.).

Я ведаю, якой яна якасці, пра што яна, на што яна скіраваная, як яны руйнуюць усе ўяўленні не толькі пра гісторыю і гістарычны шлях Беларусі, нашыя каштоўнасці, яны яшчэ і прымушаюць усіх паверыць, што нікому нельга верыць. <…> Яны з кожным годам становяцца лепшымі ў сваёй прапагандзе, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналагічныя інструменты, і гэта ўсё працуе. Трэба трымаць у сябе ў галаве, што мы павінныя думаць пра моладзь, якая, калі хоча, павінная ехаць вучыцца ў Еўропу, а не ў Расію, дзе ёсць такая ж прапаганда.

— Хто вінаваты, што цяпер у Беларусі — выпаленая зямля?

— У тым, што цяпер краіна можа страціць суверэнітэт, вінаваты Лукашэнка. Кропка.

— У 2020 годзе вы казалі беларусам: «Дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу». Марыя Калеснікава ў 2026-м гатовая «дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу»?

— Марыя Калеснікава ў 2026 годзе лічыць, што трэба ратаваць беларусаў і Беларусь. Я дзеяслоў яшчэ не прыдумала, але давайце ратаваць, ратаваць, ратаваць, любіць, любіць, любіць.

Чытайце таксама