Пасля пераезду ў новы дом у амерыканкі Шаен Сілвы пачаліся дзіўныя сімптомы, і яна стала хадзіць па дактарах, каб высветліць прычыну. Каля двух гадоў жанчына звярталася да розных спецыялістаў, каб даведацца, чаму ў яе пачаліся пякотка, кашаль, ваніты і боль у баку, але ёй казалі, што гэта «проста газы» і праблемы са страваваннем. Сімптомы не ўспрымалі як падставу для сур’ёзнага абследавання. Толькі пасля візіту да восьмага медыка ёй прызначылі МРТ, якое паказала сапраўдную прычыну стану: рак левай ныркі першай стадыі — захворванне, якое звычайна працякае амаль без сімптомаў і нават рэдка маскіруецца пад страўнікава-кішачныя або іншыя праблемы.
Частыя прыкметы раку нырак
Гэтае анкалагічнае захворванне лічыцца адным з самых «ціхіх»: на ранніх стадыях рак нырак часта не выклікае ніякіх сімптомаў і нярэдка выяўляецца выпадкова. Часта яго знаходзяць нечакана падчас ультрагукавога даследавання (УГД), камп’ютарнай або магнітна-рэзананснай тамаграфіі (КТ, МРТ), якія людзям прызначаюць праз сімптомы накшталт болю ў спіне або разладу стрававання.
Паводле звестак Нацыянальнай службы аховы здароўя Вялікабрытаніі, самыя частыя сімптомы раку нырак уключаюць кроў у мачы, боль у баку (паміж рэбрамі і таліяй), які не праходзіць, страту апетыту або зніжэнне вагі без спробаў схуднець, пачуццё стомленасці або адсутнасць энергіі, павышаную тэмпературу, якая доўга не праходзіць, багатае потавыдзяленне, у тым ліку ноччу.
Ёсць і іншыя знакі, якія могуць насцярожыць. Да прыкладу, у баку або вобласці жывата можа з’явіцца гуз (як правіла, калі ён прамацваецца, то пухліна ўжо даволі буйная), у нагах — пастаянны ацёк, а мужчыны могуць звярнуць увагу на пашыраныя вены ў машонцы, асабліва з левага боку (да 11% мужчын з ракам ныркі паведамляюць пра такі сімптом).
У той жа час людзі, у якіх пасля выявілі злаякасную пухліну ныркі, часам паведамляюць, што адчуваюць падобныя да пякоткі або газаўтварэння адчуванні. Аднак у спісе сімптомаў раку нырак гэта не пералічваецца на сайтах практычна ніводнай з буйных медыцынскіх арганізацый ці бальніц: часцей гаворыцца пра млоснасць ці нястраўнасць, якія прымушаюць мяняць тыповыя харчовыя звычкі.
«Проста газы» таксама могуць быць трывожным сімптомам
Паколькі страўнікава-кішачныя сімптомы не самыя тыповыя менавіта для раку нырак, то адчуванне залішняга ўтварэння газаў або пастаянная пякотка рэдка ўспрымаюцца сур’ёзна. І ўжо тым больш амаль ніколі не звязваюцца з ныркамі, што можа адкладаць пастаноўку дыягназу.
Тым часам даследаванні паказваюць: амаль у чвэрці (23%) пацыентаў з рознымі відамі раку (у тым ліку нырак) з’яўляліся сімптомы ў вобласці жывата да таго, як ім паставілі дыягназ.
Хоць невялікае газаўтварэнне — гэта нармальна, пастаянныя і моцныя газы — не, асабліва калі змена дыеты ніяк не паляпшае сітуацыі. Нормай лічыцца пускаць ветры прыкладна 20 раз за дзень. Калі пазывы ўзнікаюць часцей і яны інтэнсіўныя, то часам гэта можа быць праявай раку, асабліва пры наяўнасці іншых падазроных сімптомаў. Напрыклад, калі разам з газамі з’яўляюцца кроў у стуле або адбываецца невытлумачальная страта вагі, варта звярнуцца да медыка па кансультацыю і абследаванне.
Каб адрозніць «проста газы» ад праблем са страваваннем ад тых, што звязаныя з ракам, медыкі раяць звяртаць увагу на працягласць і цяжкасць сімптомаў, наяўнасць іншых трывожных прыкмет і сваю сямейную гісторыю. Дапусцім, калі нехта са сваякоў хварэў на каларэктальны рак, гэта падстава насцярожыцца.
Акрамя таго, медыкі падкрэсліваюць: павышанае ўтварэнне газаў можа ўзнікаць пры некалькіх відах анкалагічных захворванняў — гэта неабавязкова паражэнне менавіта нырак. Напрыклад, пры раку яечнікаў, падстраўнікавай залозы, страўніка ці печані людзі сутыкаюцца з праблемамі з жыватом таксама.
У буйной арганізацыі па даследаванні раку Cancer Research UK таксама кажуць, што рак можа выклікаць павышанае газаўтварэнне, уздуцце і дыскамфорт у вобласці жывата.
У медыцынскім цэнтры UCLA Health (США) дадаюць, што нават калі людзі звяртаюць увагу на дзіўны дыскамфорт у баку або верхняй частцы жывата, то часта спісваюць яго на звычайнае ўздуцце ці думаюць, што пацягнулі цягліцу, а то і зусім «проста пастарэлі». Аднак такі боль можа ўзнікаць пры запаленні нырак або праз рост пухліны.
Амерыканскія спецыялісты рэкамендуюць звярнуцца да доктара і шукаць іншыя прычыны, не звязаныя са страваваннем, калі боль пастаянны і не мінае пасля звычайных метадаў лячэння (да прыкладу, змены дыеты, фізіятэрапіі, масажу, павышэння фізічнай актыўнасці для паляпшэння стрававання ці адпачынку). Каб вызначыць прычыну дыскамфорту, медыкі могуць пачаць з простых аналізаў мачы і крыві, але могуць спатрэбіцца УГД ці КТ.
Рак нырак можа быць звязаны з плесняй, якая бывае ў дамах у многіх
Канкрэтную прычыну ўзнікнення раку нырак назваць складана. Але ёсць пэўныя фактары рызыкі, якія могуць павысіць імавернасць развіцця гэтага захворвання. Да іх медыкі адносяць курэнне, атлусценне, высокі ціск, сямейны анамнез (калі ў сям'і нехта са сваякоў хварэў на гэты рак), рэдкія мутацыі ў генах.
Таксама рызыку можа павышаць доўгае лячэнне з дапамогай дыялізу. Яго часцей за ўсё выкарыстоўваюць, калі ныркі ўжо не працуюць.
Хаця амерыканка Шаен Сілва, з гісторыі якой мы пачалі гэты тэкст, вылечылася ад раку нырак, яе не задаволіла, што прычыну развіцця хваробы ёй так і не назвалі. Паводле яе, дактары сказалі, што ёй «проста не пашанцавала», хоць яна тлумачыла, што яна не курыць, не злоўжывае алкаголем, іншых фактараў рызыкі ў яе таксама не было.
Сілва вельмі хацела даведацца прычыну, каб не дапусціць рэцыдыву захворвання. У выніку яна вычытала ў інтэрнэце, што спрыяць развіццю раку можа плесня — і загарэлася ідэяй праверыць свой дом на наяўнасць той, што выпрацоўвае таксіны, звязаныя з пашкоджаннем органаў і некаторымі формамі раку.
Спачатку амерыканка не выявіла ніякіх праблем, але потым дайшло да абследавання генератара лёду. Разабраўшы вонкавы корпус, жанчына ўбачыла, што ўнутры механізм «пакрыты плесняй».
Далейшыя даследаванні паказалі, што ў арганізме Сілвы было ў 10 разоў больш за норму вохратаксіну — арганічнага злучэння, які выпрацоўваюць плесневыя грыбы Aspergillus і Penicillium. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у жывёл вохратаксін выклікае пашкоджанне нырак, а таксама можа ўплываць на развіццё плода і імунную сістэму. У людзей сувязь гэтага таксіну менавіта з ракам нырак пакуль не даказаная, але ўплыў на орган пацверджанае.
Амерыканскія даследчыкі адзначаюць, што рэчыва вохратаксін, якое выпрацоўваецца некаторымі відамі плесневых грыбоў (перадаз якога і здарыўся ў Шаен Сілвы) сапраўды лічыцца нефратаксічным — па сутнасці, атрутным для нырак. У эксперыментах на жывёлах яго доўгае ўздзеянне прыводзіла да развіцця пухлін гэтага органа. Гэта адна з прычын, з якой Міжнароднае агенцтва па даследаванні раку адносіць яго да магчымых канцэрагенаў для чалавека.
Зрэшты, пакуль навукоўцы не могуць зрабіць адназначную выснову, што менавіта ўздзеянне гэтага рэчыва ў людзей выклікае рак нырак. На сёння колькасць даследаванняў на гэтую тэму абмежаванае і дадзеных яшчэ недастаткова.
Хаця гэты тэкст напісаны на аснове аўтарытэтных медыцынскіх крыніц, яго нельга прыраўноўваць да кансультацыі медыка. У кожнага чалавека ёсць свае асаблівасці, таму заўсёды варта кансультавацца з прафесіяналам, якому вы давяраеце.











