Глен Хэнлан — адзін з самых паспяховых трэнераў у гісторыі зборнай Беларусі. Апошнія тры сезоны канадскі спецыяліст кіраваў італьянскім клубам «Бальцана», які выступае ў Аўстрыйскай лізе, а цяпер узяў паўзу ў кар’еры. Мы звязаліся з Хэнланам і даведаліся, што ён думае пра блізкую Алімпіяду ў Мілане і Карціна д’Ампеца і адхіленне зборнай Беларусі. Таксама Глен назваў самыя памятныя моманты ў кар’еры і растлумачыў, чаму ён заўсёды цёпла адклікаецца пра нашую краіну.
Глен Хэнлан нарадзіўся 20 лютага 1957 года ў Брандане (Канада). У рэгулярных чэмпіянатах Нацыянальнай хакейнай лігі правёў 477 матчаў. Гуляў на пазіцыі брамніка. Глен выступаў у НХЛ за «Ванкувер Кэнакс», «Сэнт-Луіс Блюз», «Нью-Ёрк Рэйнджарс» і «Дэтройт Ред Уінгз». У якасці трэнера працаваў у НХЛ асістэнтам у «Ванкуверы» і быў галоўным у «Вашынгтон Кэпіталз». У Еўропе трэніраваў клубы з Фінляндыі, Венгрыі, Германіі, Чэхіі і Італіі. Узначальваў мінскае «Дынама» ў КХЛ, адкуль спецыяліста звольнілі ў пачатку сезона-2009/10. Быў галоўным трэнерам зборных Беларусі, Славакіі і Швейцарыі. Хэнлан кіраваў беларускімі хакеістамі на чатырох чэмпіянатах свету і тройчы выводзіў каманду ў плэй-оф (у 2006, 2009 і 2014 гадах).
Сям’я, прастор, ЗША
— Глен, раскажыце, як маецеся, як сям’я.
— У маім жыцці ўсё вельмі добра. Мы ўсе здаровыя, а гэта самае галоўнае. Я ўзяў год паўзы. У канцы зімы вырашу, ці хачу зноў вярнуцца ў Еўропу і трэніраваць далей. Я сумую па гульцах, трэніроўках і гульнях. Нацыянальная зборная [якой-небудзь краіны], безумоўна, была б для мяне ідэальным варыянтам, калі вярнуся да працы.
Мая жонка Кэры — дырэктарка школы ў Ванкуверы. Яна па-ранейшаму атрымлівае задавальненне ад сваёй прафесіі. Джэксан, якому цяпер 23 гады, працуе ў сферы будаўніцтва. Сыну падабаецца фізічная праца.
— Вы задаволеныя жыццём у Канадзе?
— Так. Мы жывём у маленькім мястэчку каля Ванкувера. Больш за ўсё ў Канадзе мне падабаецца прастор — тут нямала свабоднай тэрыторыі ў параўнанні з іншымі краінамі. Акрамя таго, у нас дзейнічае сацыяльная сістэма аховы здароўя, што добра. Мы клапоцімся пра сябе, калі становімся старэйшымі. Пра гэта я нават не задумваўся ў маладосці.
— Што сёння трывожыць людзей у вашай роднай краіне?
— Галоўная праблема — [уведзеныя Злучанымі Штатамі] тарыфы і падаткі на канадскія тавары, а таксама [у цэлым] нашыя гандлёвыя адносіны з ЗША. Цягам усяго майго жыцця са Штатамі было прыязнае партнёрства, а цяпер адносіны паміж краінамі ўпершыню выклікаюць непакой.
Цюрых, італьянцы, падарожжы
— Вы працавалі ў Еўропе прыкладна палову вашай кар’еры. Што самае складанае ў плане адаптацыі для трэнера з Канады?
— Добрае пытанне. Першая частка адаптацыі — гэта разуменне культуры кожнай краіны, у якой ты працуеш. Потым — павага да большага, чым у Паўночнай Амерыцы, памеру лядовай пляцоўкі.
Вядома, трэба ўлічваць і інтарэсы сям'і. Як вы ведаеце, пасля чэмпіянату свету ў Мінску ў 2014 годзе я паехаў працаваць у Швейцарыю. Адукацыя Джэксана мела важнае значэнне. Міжнародная школа ў Беларусі была добрай, але вельмі маленькай у параўнанні са школай у Цюрыху. Каб нашая сям’я магла быць разам, мне давялося пераехаць. Хоць з пункту гледжання хакея больш слушным рашэннем было б застацца ў Беларусі, дзе прапанавалі працягнуць працу са зборнай.
— Дзе адчувалі сябе ў Еўропе найбольш камфортна?
— Усе месцы былі добрыя з розных прычын. Не магу вылучыць нейкае адно. Я быў уцягнуты ў хакей, а побач заўсёды знаходзіліся людзі, якія дапамагалі адаптавацца. Вельмі спадабалася ў Італіі і Беларусі — жыццё там моцна адрознівалася ад таго, да якога я прывык у Канадзе, і гэта было цікава. Напрыклад, у Беларусі, калі пачаў працаваць у 2005 годзе, мы спрабавалі прыўнесці новыя ідэі і трэнерскія падыходы — менавіта гэта давала мне найбольшае задавальненне.
Я шмат чаго зразумеў пра жыццё ў Беларусі ад гульцоў і супрацоўнікаў федэрацыі [хакея]. Праўда, гэта толькі малая частка насельніцтва. Было б несумленна з майго боку казаць пра тое, якое жыццё ў сем’яў са сціплым прыбыткам. Я стараўся ўсё ўбачыць і зразумець, але сам не прайшоў праз гэта.
— А што незвычайнага было ў Італіі?
— Італьянцы адрозніваюцца ад жыхароў шэрагу іншых краін. Яны не перажываюць праз многае і любяць віно. Я жыў далёка на поўначы, у Альпах. Але часам знаходзіў час для невялікіх падарожжаў. Магчымасць з’ездзіць у сусветныя турыстычныя цэнтры і вярнуцца дадому позна ўвечары была вельмі прыемнай.
«Зальцбург», Алімпіяда, топ-6
— Як ацэньваеце вынікі сваёй працы ў «Бальцана»?
— У гэтым клубе да гульцоў, іх сем’яў і трэнераў ставяцца па найвышэйшым разрадзе. Мы атрымлівалі ўсё неабходнае для перамог. Вынікі былі добрымі. Але тры гады запар мы саступалі «Зальцбургу», які ўвесь час выйграваў чэмпіянат. Адзін раз яны перамаглі нас у сёмым матчы фінальнай серыі, а яшчэ двойчы — у паўфінале плэй-оф. «Зальцбург» прыцягвае адных з найлепшых аўстрыйскіх гульцоў і спансаруецца Red Bull — магчыма, гэта самая багатая каманда лігі.
— Італія, на вашую думку, — хакейная краіна?
— Не. У хакей там гуляюць толькі на вельмі невялікай тэрыторыі — ад раёнаў крыху на поўдзень ад Бальцана да мяжы з Аўстрыяй. У такіх буйных гарадах, як Рым і Мілан, хакея практычна няма.
— Упершыню з 2014 года на Алімпіядзе выступяць гульцы з НХЛ. Чаго чакаеце ад гульняў у Мілане і Карціна д’Ампеца?
— Алімпіяду цікава глядзець, і хакей, думаю, будзе выдатным. Не лічу, што ёсць відавочны фаварыт. Шэсць наймацнейшых зборных (Хэнлан мае на ўвазе Канаду, ЗША, Швецыю, Фінляндыю, Чэхію і Швейцарыю. — Заўв. рэд.) дастаткова магутныя, каб выйграць золата, бо ў медальных раўндах усё вырашае адзін матч на выбыванне. Натуральна, я заўзею за Канаду, але калі яна не выйграе, гэта наўрад ці будзе сенсацыяй, бо, паўтаруся, усе шэсць найбуйнейшых зборных — каманды сусветнага ўзроўню.
— Алімпійскія гульні яшчэ могуць аб’ядноўваць?
— Так, я сапраўды веру ў гэта. Гульні не могуць вырашыць войны і канфлікты. Але яны ўсё роўна важныя. Алімпійскі дух на невялікі перыяд часу здольны збліжаць, мірыць людзей. Ім патрэбны адпачынак ад пастаянных трывог і праблем, і спартыўныя падзеі могуць у гэтым дапамагчы.
Зборная, Рыга, Мінск
— Вы мусілі везці беларусаў на Алімпійскія гульні ў Ванкуверы ў 2010 годзе, куды нашая каманда прабілася па рэйтынгу, але сышлі са зборнай да старту Гульняў. Засмучаныя, што не пабывалі ў якасці трэнера на Алімпіядзе?
— Не. Тыя Гульні былі асаблівымі з дзвюх прычын: па-першае, яны праходзілі ў Канадзе, Ванкуверы, а па-другое — праз той шлях, які прайшла каманда Беларусі за некалькі гадоў з моманту паразы ў алімпійскай кваліфікацыі ў Латвіі.
Пасля звальнення з «Дынама» мне прапанавалі далей працаваць з алімпійскай камандай, але я не палічыў гэта слушным. Быў незадаволены рашэннем клуба (Хэнлана, які сумяшчаў працу ў зборнай і «Дынама», звольнілі ў кастрычніку 2009 года — за чатыры месяцы да пачатку хакейнага турніру на АГ у Ванкуверы. — Заўв. рэд.). Азіраючыся назад, разумею, што, відаць, варта было пагадзіцца застацца ў зборнай. Але, магчыма, тады я б не працаваў потым з камандай на чэмпіянаце свету ў Мінску, а гэта быў найлепшы перыяд у маім хакейным жыцці.
Шостае месца на чэмпіянаце свету ў Рызе ў 2006 годзе і перамога над Латвіяй на ЧС у Мінску ў 2014-м (зборная Беларусі выйграла з лікам 3:1. — Заўв. рэд.), якая дазволіла нам трапіць у чвэрцьфінал, — самыя запамінальныя моманты ў кар’еры.
— Што думаеце пра адсутнасць беларусаў з 2022 года на чэмпіянатах свету?
— Мне сумна. Апошнім часам у Беларусі з’явілася шмат добрых гульцоў, і каманда магла б быць канкурэнтаздольнай. Я разумею прычыну, з якой зборная адхіленая, але ўсё роўна палічыў бы за лепшае, каб яна мела магчымасць супернічаць на сусветным узроўні. Стаяць на сіняй лініі, абняўшыся пасля перамогі, і чуць, як гучыць нацыянальны гімн, — гэта асаблівы момант.
Мір, навіны, палітыка
— Працуючы ў Еўропе з пачатку вайны, вы напэўна сутыкаліся з украінскімі бежанцамі. Якой вам бачыцца сітуацыя ў гэтым канфлікце?
— У маёй жонкі ў школе ёсць некалькі ўкраінскіх сем’яў, таму я чую іх гісторыі. У Канадзе мы не такія блізкія да канфлікту, як людзі, якія жывуць у Беларусі. Мне шкада кожнай сям'і, калі адбываюцца такія сумныя падзеі. Як і ўсе, мы хочам міру… Але я гэтак жа, як і ўсе, не ведаю ўсіх дэталяў таго, што адбываецца. Глядзець навіны — не найлепшы спосаб для прыняцця рашэння, бо часта сітуацыя паказваецца без уліку ўсіх фактараў.
У любым канфлікце бакі мусяць ісці на саступкі, каб прыйсці да пагаднення. Веру, што мы набліжаемся да рашэння [пра заканчэнне вайны ва Украіне], і калі рознагалоссі будуць залагоджаныя, я буду вельмі шчаслівы. Пасля часу, праведзенага ў Беларусі, перажываю больш [за гэтую сітуацыю], чым многія паўночнаамерыканцы.
— Апошнія гады беларусам, відаць, вельмі цяжка аддзяляць спорт ад звычайнага жыцця. Ці хацелася б вам, каб хакеісты маглі свабодна казаць пра тое, што адбываецца, і за межамі льду?
— На гэтае пытанне немагчыма адказаць адназначна. Я заўсёды казаў: спорт і палітыку трэба раздзяляць. Мне не падабаецца, калі спартоўцы ў Паўночнай Амерыцы выкарыстоўваюць інтэрв'ю і свае пляцоўкі[ у сацсетках], каб выказваць палітычныя погляды. Мы не надаём дастаткова часу таму, каб разабрацца ва ўсім да канца, і гэта можа мець вельмі негатыўныя наступствы.
Цяпер у Паўночнай Амерыцы хапае людзей, якія ствараюць сур’ёзныя праблемы для праваахоўных органаў у барацьбе з нелегальнай іміграцыяй. Ёсць спосабы самавыяўлення, якія не ўключаюць дэманстрацыі і гвалт… Калі спартоўцы хочуць гаварыць пра сусветныя падзеі, ім варта рабіць гэта, бо яны проста людзі, а не з прычыны вядомасці.
Вядома, я цаню тое, што ў Канадзе магу свабодна выказвацца, але, як і для ўсіх канадцаў, для мяне таксама існуюць межы.
Жарсць, Беларусь, удзячнасць
— Як адбіваецца міжнародная ізаляцыя на развіцці беларускіх хакеістаў?
— Паўтаруся, я засмучаны, што ў гульцоў няма шанцу выйсці на лёд і спаборнічаць з найлепшымі зборнымі. У Беларусі ёсць жарсць да хакея. Думаю, што гульцы ўсё роўна будуць развівацца дзякуючы добрым праграмам дзіцяча-юнацкага хакея. У краіне праводзіцца чэмпіянат, які выклікае цікавасць. Акрамя таго, у Беларусі шмат якасных арэн у параўнанні з іншымі краінамі. І, нарэшце, клуб КХЛ у Мінску — вялікі плюс. Гэтая ліга дае прафесіяналам магчымасць спаборнічаць на сусветным узроўні.
— Вы заўсёды з асаблівым трымценнем адклікаецеся пра час працы ў Беларусі. Чаму?
— Пра гэта я магу гаварыць доўга. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто прыняў рашэнне даць мне магчымасць працаваць і жыць у вашай краіне яшчэ ў 2005 годзе. Многія людзі зрабілі так, каб Беларусь стала для мяне домам. Да маёй сям'і цудоўна ставіліся — гэта таксама адна з прычын, чаму я заўсёды адгукаюся пра вашую краіну вельмі пазітыўна і падтрымліваю ўсіх беларускіх спартоўцаў.
Хачу яшчэ раз падзякаваць кожнаму. Мне дапамагалі ездзіць па краіне, разбірацца з мовай, спраўляцца з паўсядзённым жыццём. Памятаю не толькі гульцоў, трэнераў, але і ўсіх менеджараў, супрацоўнікаў федэрацыі хакея, зазўятараў, якія падыходзілі паціснуць руку ці спрабавалі пагутарыць у Мінску. Я быў замежнікам, а беларусы зрабілі ўсё лёгкім. Успамінаю гэтыя моманты з вялікай радасцю. Мы перамагалі, бо многія хацелі, каб беларускі хакей стаў лепшым.
Чытайце таксама







